«Рыбны дзень» у Палацы мастацтваў
Зьмешчана Апр 30, 2009 у Новости |Ужо не першы месяц ходзяць чуткі пра пераўтварэнне старой мінскай крамы “Рыба” на вуліцы Карла Маркса ў італьянскую піцэрыю. Днямі ў Палацы мастацтваў беларускія пісьменнікі правялі акцыю “Рыбны дзень”, прысвечаную абароне гэтай самай крамы, дзе, як высветлілася, часцяком сустракаюцца дзеячы культуры.
Усе гэтыя дзеянні пратэсту атрымалі шырокі рэзананс у народзе. На акцыю “Рыбны дзень” прыйшло многа моладзі. “Мы лічым, што гэтая крама з’яўляецца культурнай кропкай нашай сталіцы, і мы супраць, каб такія кропкі знікалі”, — выказаў сваю думку адзін з арганізатараў акцыі літаратар і сябар Беларускай партыі Зялёныя Зміцер Вішнёў.
У рамках акцыі адбылася прэзентацыя чарговага нумара часопіса “Тэксты”, прысвечанага марской тэматыцы і краме “Рыба”. Больш за 30 аўтараў бралі ўдзел у гэтым праекце.
Свае вершы ў знак пратэсту прыйшлі прачытаць Лёлік Ушкін, Вікторыя Біран, Ярыла Пшанічны, Анка Упала, Вера Бурлак, Віктар Жыбуль, Зміцер Плян, Арцём Кавалеўскі, Вольга Гапеева і іншыя.
Дарэчы, у верасні ўсе літаратурныя творы, прысвечаныя выратаванню крамы, плануецца выдаць асобнай кніжкай.
Карына АДЗЕСЕНКА