Акіян”. “Рыба”. Маладосьць…
Зьмешчана мая 25, 2008 у Проза |Аляксей Шыдлоўскі
Пройдзе яшчэ колькі гадоў, і мала хто ў Менску будзе памятаць, якім быў горад напачатку дваццаць першага стагодзьдзя. Вуліцы зьмяняюцца пад густ аднаго чалавека, а густ у гэтага чалавека вельмі неадназначны. Старыя добрыя “народныя” кавярні, бары, “хвілінкі” замяняюцца на разнастайныя дарагія рэстарацыі, у якія шлях большасьці менчукоў зачынены па прычыне завоблачных коштаў. Зараз вось зьбіраюцца зачыніць “Рыбу”, што на вуліцы Карла Маркса, насупраць будынку філялягічнага факультэту БДУ. Колькі з гэтай “Рыбай” успамінаў…
… У 1996 годзе, пасьля паступленьня на журфак БДУ мяне расьсялілі ў інтэрнат, “дзесятку”. У той час “дзесяткай” быў будынак па К.Маркса, 22, у якім цяпер месьцяцца шыкоўныя пакоі для студэнтаў акадэміі пры прэзыдэнце. Зараз, адрамантаваны, будынак мае шыкоўны зьнешні выгляд, пэўна ж і знутра таксама, хаця пабачыць гэта ў простага сьмертнага ужо не атрымаецца. Тады ж гэта быў звычайны студэнцкі інтэрнат з абшарпанымі сьценамі, бабулькай-вахцёркай унізе, што спала увесь час ды п’янкамі-гулянкамі, якія праходзілі штодзень хаця б у некалькіх пакоях. Я жыў у 94-ым “нумары” разам зь яшчэ чатырма будучымі журналістамі. Нягледзячы, што сістэма тады ў інтэрнаце была не блочная а калідорная, месца ў пакоі хапала аж занадта. Жартам калі-нікалі нават у футбол гулялі тэнісным мячыкам… А “Рыба” разам з кавярняй пры гастраноме “Узвышша” была нашй меккай, куды мы наведваліся штодня, набываючы там прадукты ды піва. Ужо тады, напачатку майго менскага жыцьця, якое працягнулася адзінаццаць з паловай гадоў, усе сустрэчы мы прызначалі “на рыбе” ці “на феліксе”, што азначала скверык з помнікам Дзяржынскаму, каля “Узвышша”. Там былі спатканьні з дзяўчатамі, аднакурсьнікамі, сябрамі з моладзевай філіі партыі БНФ… Піва бралася звычайна ў “Рыбе”, дзе яно было сьвежае разьліўное ды таннае і даступнае студэнтам. “Узвышша” пастаўляла больш цяжкую артылерыю, кшталту партвейну, які ў карзіне на вяроўках падымаўся на чацьвёрты паверх інтэрната, бо пранесьці алькаголь праз камэндантшу ў пакой было заўжды складана…
“Рыба” наведвалася пасьля суботніх футбольных трэніровак, што праходзілі з дазволу выкладчыка фізвыхаваньня Саркіса Акопавіча ў спартыўнай залі філфаку. Паўтара дзесяткі стомленных ды высушаных бегатнёй хлапцоў з жаднасьцю, амаль што залпам выпівалі першы бакал халоднага “Белавежскага” піва, а ўжо другі і трэці бакалы піліся паціху, са смакам на працягу гадзіны-другой. Заядалі зразумела ж рыбцамі, набытымі ў той жа краме. Выбар быў і тады, і зараз застаецца даволі багаты. Таму кожны браў па свім гусьце ды па кішэні. Хтосьці тлустую ды танную путассу, ці мойву, а хтосьці фарэль ці акуня гарачага вэнджаньня. Калі на вуліцы было добрае надвор’е, займаліся лавы ці “на феліксе” ці ў скверы Грыцаўца…
Тады скверы гэтыя, як і сама вуліца Маркса былі спрэс засаджаныя дрэвамі, і ўтваралі сабой такую гнуткую зялёную алею, у якой прыемна было адпачыць. Пару гадоў, як усе дрэвы тут ды на прасьпекце Скарыны пасьпілоўвалі, каб агляду прасторы аховай аднаго чалавека, які чатыры разы на дзень сноўдае на службовым аўто па гэтых вуліцах, нічога не шкодзіла. І месца гэтае зараз нагадвае прамую асфальтна-бэтонную кішку, якая праглядаецца наскрозь, ад Купалаўскага тэатру да самога Міхайлаўскага скверу. Няма дзе маладым парам пазаціскацца так, каб ніхто не бачыў, няма дзе службоўцам у абедзенны перапынак выпіць піва, каб не застукалі. Усе бачаць што робяць усе. Празрыстасьць, маўляў…
А калі надвор’е пасьля гульні ў футбол не дазваляла сядзець на паветры, піва пілося прама ў “Рыбе”, на крутых прыступках крамы. На гэтых прыступках даводзілася пабачыць шмат знакавых пэрсон, і пачуць такія філазофскія размовы, што ніякія “філёзафы-аналітыкі” з БТ ні паўтарыць, ні бадай што зразумець не здольныя. Месца гэтае, нягледзячы на яго малую плошчу, зьмяшчала столькі людзей, колькі было патрэбна, быццам пашыраючыся пры падыходзе новых знаёмых з бакалам бурштыннага напою. Прадавачкі з крамы заўсёды былі ветлівыя, і ніколі не хамілі наведвальнікам, што пілі піва бывала прама ў краме. Свае сваіх разумеюць…
Апошнія гады з пятнічных сустрэч “на рыбе” пачыналіся “піўныя вандроўкі” ўніз, на Сьвіслач, да дэпутацкага дома, што збудаваў Клімаў, і дзе “народныя абраньнікі” пятнічнымі вечарамі паскідаўшы гальштукі пілі гарэлку з салёнымі гуркамі на гаўбцах, паглядаючы на нас зьверху ўніз…
Але паколькі кватэра ды праца мая знаходзілася на плошчы Перамогі, значна часьцей за “Рыбу”, у пасьлятурэмны перыяд 1999-2006 гадоў, наведвалася іншая кавярня з паэтычнай назвай “Акіян”…
“Акіян” гэта рыбная крама, што месьціцца на пачатку вуліцы Казлова насупраць палацу мастацтваў. З аднаго боку ўваход у краму, з другога… А вось з другога зараз нічога няма. Пажарны выхад. А калісьці тут былі дзьверы ў закусачную пад аналягічнай краме назвай. І больш народнага месца ў менску, здаецца не было. Ва ўсялякім разе ў цэнтры горада. У адрозьненьні ад “Рыбы” “Акіян” меў паўнавартаснае абсталяваньне: сталы, крэслы, бармэна ды гарачыя закускі. Паколькі непадалёк знаходзіцца Дом Літаратара ды ды рэдакцыі шмат якіх літаратурных часопісаў, то звычайнымі гасьцямі ў гэтым месцы былі маладыя і ня вельмі беларускія пісьменьнікі, шмат журналістаў ды людзей творчых прафесій. Пры гэтым унікальнасьць месца была ў тым, што за суседнімі столікамі маглі есьці катлету па-кіеўскі выкладчыкі акадэміі МУС ды “студэнты” акадэміі бясьпекі (школа КДБ) што знаходзяцца таксама побач. Дыскамфорту ад гэтага людзі творчых прафесій не адчувалі. Наадварот, калі ад піва ды чаго іншага галава ўжо хмялела, дык пачыналі ўсяляк лаяць існуючую ўладу, пільна гледзячы ў вочы тым жа гэбэшнікам. Тыя хуценька сыходзілі, бо канфлікт мог перарасьці і ў іншы працяг. Адчыняўся “Акіян” а дзесятай, хаця ўсё залежыла ад бармэна Сяргея, які мог прыйсьці і гадзіне к дванаццатай. Увогуле, ж бармэна было два. Але Сяргей жыў гэтым месцам. І калі была не ягоная зьмена працаваць, ён усё роўна прыходзіў у “Акіян” і то з кампаніяй, то без, мерна напіваўся на сваім працоўным месцы не парушаючы працоўнай жа дысцыпліны.
Дэмакратычны па коштах “Акіян” дазваляў пасядзець тут і школьнікам, і студэнтам лінгвістычнага універсітэту, што сачкавалі пары за бакалам піва і простым працоўным. Зранку народ звычайна замаўляў каву ці гарбату, ды ўжываў яе пад сьвежую газэту. Былі і тыя, хто пачынаў ранак з піва, працягваючы ўчорашні вечар. Такіх звычайна пад абед з “Акіяну” адпраўлялі дадому спаць. Пасьля другой гадзіны піва пілі ўжо ўсе. А гадзіны з пятай у бары адбываўся сапраўдны аншляг. Былі занятыя ўсе барныя стойкі і столікі. Калі не было нічога вольнага, людзі проста стаялі паўколам ды выпівалі ці закусвалі такім чынам. Гоман стаяў такі, што думак сваіх пачуць было немагчыма. На шчасьце, паліць ва ўстанове было забаронена, а так не было б чым і дыхаць.
Хтосьці спажываў купленае ў бары, а хтосьці прыносіў зсабойку з крамы каб не пераплочваць. Нікога за гэта не ганялі, бо ведалі, што калі грошы ў чалавека будуць, то ён заўсёды возьме ў бары па падвойных коштах ды не будзе сарамліва есьці ды піць прынесенае. І гэты быў вялікі плюс “Акіяна” для наведвальнікаў, але бадай што не для загадчыкаў ААТ “Акіян” якія ўвесь час скардзіліся на не вельмі вялікія грошы заробленыя за дзень.
Спраўляліся ў “Акіяне” і дні народзінаў ды разнастайныя прафесійныя сьвяты. То дзесятак жанчын сярэдняга ўзросту, ці то настаўніцы, ці то бухгалтаркі, пасярод белага дня бяруць скрыню шампанскага. То нейкія бізнэсоўцы пры строях ды з дзесяцьцю мабіламі пачынаюць ранак з пляшкі, ужываючы яе пры раскладзенай на століку дакументацыі. Дні ж народзінаў звычайна праходзілі весела. Нехта заўсёды добра напіваўся, ды для яго выклікалі таксоўку, куды і выносілі цела пад аплядысьменты залю.
Аднойчы мы з сябрамі ў халодны восеньскі дзень вырашылі прарэклямаваць адну з будучых апазіцыйных акцый, ужо не памятаю якую, шляхам рассылкі смсак на выпадковыя нумары. Аказалася што гэта не толькі карысна, але і весела, хаця і хутка стамляе. Паклалі на рахунак мабілак па 20 тысячаў, склалі тэкст запрашэньня на мерапрыемства, ды вызначылі сабе кожны дыяпазон нумароў. Высьветлілася, што народ наш не такі ўжо і просты. Людзі пасьля прачытваньня смс-кі звычайна пачыналі ператэлефаноўваць на нумар зь якога паведамленьня прыйшло ды высьвятляць, што б гэта значыла. А пачуўшы тлумачэньне, пыталіся, чаму менавіта ім прыйшло гэтае паведамленьне, і ці абавязкова ім прыходзіць. Нашыя тлумачэньні даходзілі не да ўсіх, і раз пораз з слухаўкі чулася лаянка. Насельніцтва “Акіяна” зацікавілася, што мы такое робім і чаму ўсе разам дружна лаемся па тэлефонах ці нешта некаму тлумачым. Пасьля разьясьненьня, сярэдніх гадоў дзядзькі так зацікавіліся працэсам, што за свае грошы пачалі адпраўляць смс-кі на незнаёмыя нумары ды пасьля ператэлефаноўваньня з важкім відам тлумачыць, чаму на акцыю трэба прыйсьці…
Такі просты і ў той жа час вясёлы народ сядзеў у “Акіяне”.
Але год таму месца не стала. Аднойчы пасьля працоўнага дня я з сябрамі зайшоў у кавярню ды пабачыў, што прылавак амаль спусьцелы, а бармэн Сяргей ледзь не плача. “Зачыняюць нас”, толькі і здолеў сказаць ён. Жадаючы хоць нечым дапамагчы мы пайшлі да начальства, ды карыстаючыся журналісцкімі пасьведчаньнямі высьветлілі ў чым прычына. А прычыны як такавой не было. Не ўпісвалася не нечы погляд такая просьценькая кавярня ў цэнтр месца, і вырашана было яе зачыніць… Апошні вечар у “Акіяне” быў ціхі ды сумны, а назаўтра нехта, ці ў жарт ці сур’ёзна, паклаў пад дзьверы зачыненай кавярні папяровыя кветкі…
У кожнага ў Менску пэўна сваё падобнае улюбленае месца, і кожнаму ёсьць што распавесьці. Менавіта такія простыя старыя кавярні, бутэрбродныя, бары, хвілінкі, зараз у Менску і зачыняюць. Камусьці ад гэтага будзе лепш, а камусьці не будзе куды пайсьці пасядзець, і, папіваючы нешта на лаве ў двары, канец мінулага стагодзьдзя будзе ўспамінацца з цёплай настальгіяй.